Міжнародны Дзень роднай мовы
Мова – душа народа…
Мова – душа народа, яго аблічча. Калі людзі берагуць мову, узбагачаюць яе, пра такі народ можна сказаць, што ён дбайны, руплівы. А калі мова знаходзіцца ў заняпадзе, то гэта сведчыць, што народам завалодала абыякавасць, што ён не разумее значэння культуры. Без сваёй мовы дзяржаву нельга лічыць самастойнай.
Зараз у свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх – пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія аказаліся на парозе знікнення, міжнародны фонд ЮНЕСКА абвясціў Дзень роднай мовы.
У рамках гэтага Дня 21 лютага ў нашым комплексе прайшло свята “Жыві, мая мова! Жыві, мой народ!”, якое было накіравана на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне ў падлеткаў павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.
Напярэдадні свята вучні старэйшых класаў пісалі сачыненні пра нашу родную мову, урывак аднаго з якіх хачу прывесці: “Нішто так не цешыць слых, як беларуская гаворка. Яна плыве-цячэ, быццам няспынная рака, вольна коціцца ўдалячынь хваля за хваляй. Мне хацелася б, каб усе жыхары маей Бацькаўшчыны ў штодзённым жыцці карысталіся беларускай мовай, не сароміліся яе.
Размаўляць па-свойму – гэта наша неад’емная праца, гэта сцвярджэнне гонару і годнасці нашай, гэта найвялікшае задавальненне і асалода...”
Напярэдадні свята дванаццаць лепшых вучняў школы ўдзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік – 2014”. Цікава прайшло мастацкае чытанне вершаў аб роднай мове, аб нашай Бацькаўшчыне і яе цікавай гісторыі. А завяршылася свята інтэлектуальнай гульнёй “Шчаслівы выпадак” на лепшага знайца беларускай культуры, нашай нацыянальнай спадчыны.
Было хораша, светла, радасна… Хораша ад таго, што ніхто не застаўся раўнадушным у гэты дзень. Светла – ад думкі, што мы, настаўнікі, разам з нашымі вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса, - гордасць за сваю мову! Радасна- за дзяцей, настаўнікаў і Яе…
Жалудкова Т.С.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Загаранкаўскі НПК д/с- сш”